«Войска Вугоршчыны ў маршавым стылі ішло да мяжы з Украінай»
- 1.02.2025, 15:18
Генерал СБУ намякнуў на магчымасць таемных дамоўленасцяў Будапешта з Пуціным.
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан мог дамовіцца з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным пра магчымую акупацыю часткі Украіны. Пра гэта заявіў генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.
«Ёсць сведчанні ад нашых вайскоўцаў, якія 24 лютага 2022 года вярталіся ва Украіну, каб далучыцца да Сілаў супраціву, што адзінае войска, якое не разгарнула сілы на абарону сваёй дзяржавы, а ў маршавым стылі рухалася да межаў з Украінай, гэта было вугорскае войска. Не выключаю, што Орбан мог падпісаць такі мемарандум наконт магчымасці акупацыі часткі Украіны пасля таго, калі Пуцін узяў бы, напрыклад, Кіеў», – сказаў ён у эфіры «Эспрэса».
Ён таксама падкрэсліў, што вугорскі бок да гэтага часу не даў тлумачэнняў пра перамяшчэнне сваіх вайскоўцаў.
Паводле ягоных словаў, Вугоршчына планавала падзяліць Украіну, а такія дзеянні суседніх дзяржаваў магчымыя толькі ў выпадку, калі Кіеў пакажа слабасць.
«Насамрэч гэта ўсё – хлусня, яны збіраліся дзяліць Украіну, таму нам трэба разумець, што нашы суседзі будуць адчуваць нашу слабасць, якую мы не павінны праяўляць», – сказаў Ягун.