BE RU EN

Памёр экс-прэзідэнт Нямеччыны Горст Кёлер

  • 1.02.2025, 16:23

Ён меў 81 год.

Былы прэзідэнт Нямеччыны Горст Кёлер памёр у 81 год, паведаміла ягоная канцылярыя са спасылкай на заяву сям'і.

"Горст Кёлер памёр сёння раніцай у 81 год пасля непрацяглай, але цяжкай хваробы ў асяроддзі сваёй сям'і ў Бэрліне", – сказана ў паведамленні.

Інфармацыю аб пахаванні ў канцылярыі паабяцалі падаць пазней.

Кёлер быў дзявятым прэзідэнтам Нямеччыны. Гэтую пасаду ён займаў у 2004–2010 гадах.

Горст Кёлер нарадзіўся ў 1943 годзе ў Скербешуве (Польшча). Ён быў сёмым з васьмі дзяцей у сям'і. Пазней ён апынуўся ў Людвігсбургу, куды яго сям'я ўцякла падчас наступу савецкіх войскаў на гітлераўскую Нямеччыну. Вывучаў эканамічныя навукі ў Цюбінгенскім універсітэце і пасля атрымаў доктарскую ступень.

З 1976 года працаваў у Міністэрстве эканомікі Нямеччыны, а потым стаў дзяржаўным сакратаром у Міністэрстве фінансаў. У 2000 годзе стаў дырэктарам-распарадчыкам Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Гэтую пасаду ён займаў да 2004 года, калі быў абраны прэзідэнтам Нямеччыны.

Палітык бараніў уяўленне аб Нямеччыны як аб «краіне ідэй», здольнай упэўнена фармаваць сваю будучыню і «выступаць у якасці сілы дабра ў свеце», падкрэслілі ў канцылярыі былога прэзідэнта. Адным з цэнтральных пытанняў ягонай унутранай палітыкі было стварэнне і забеспячэнне сталых працоўных месцаў у краіне, адзначылі там.

У замежнай палітыцы Кёлер выступаў за справядлівую глабалізацыю, якая ўлічвае дабрабыт усіх людзей. Ён таксама перасцерагаў ад фінансавага капіталізму, не звязанага ніякімі правіламі. Палітык адзначаў важнасць і патэнцыял афрыканскага кантынента для развіцця ўсёй планеты: ён меркаваў, што ўзаемадзеянне з Афрыкай было не толькі мудрым і далёкабачным, але і этычна неабходным: "Для мяне лёс чалавецтва ў нашым свеце залежыць ад лёсу Афрыкі", — казаў Кёлер у інаўгурацыйнай прамове.

За галоўны прынцып нацыянальнай і міжнароднай палітыкі Кёлер уважаў "глабальнае партнёрства". Эканамічныя крызісы і праблемы апошніх гадоў ён разглядаў як магчымасць пераасэнсаваць рост і працвітанне на міжнародным узроўні і выбраць такі лад жыцця, які дазволіць захаваць рэсурсы планеты.

Апошнія навіны