Нарвэжскія дыпламаты патрапілі пад расейскі абстрэл у Адэсе
- 1.02.2025, 17:43
На шчасце, абышлося без ахвяр.
Міністэрства замежных спраў Нарвэгіі ў суботу, 1 лютага, пацвердзіла заяву ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага аб тым, што дыпламаты краіны патрапілі пад абстрэл у Адэсе 31 студзеня.
Пра гэта нарвэжскае МЗС сказана ў каментары выданню NTB, піша nrk.no.
«Мы можам пацвердзіць, што [31 студзеня] увечары ў Адэсе адбыўся буйны напад на раён, дзе знаходзіліся нарвэжскія супрацоўнікі амбасады. Яны знаходзяцца ў бяспецы», - сказана ў каментары ведамства.
Увечары 31 студзеня Зяленскі паведаміў, што падчас расейскага ракетнага ўдару па Адэсе ў эпіцэнтры апынуліся дыпламатычныя прадстаўнікі Нарвэгіі.
«На шчасце, абышлося без ахвяр. Ёсць пацярпелыя, ім надалі дапамогу. Сярод людзей, якія знаходзіліся ў эпіцэнтры ўдару, у тым ліку і нарвэжскія дыпламатычныя прадстаўнікі», - заяўляў украінскі прэзідэнт.