BE RU EN

Пажары каля Лос-Анджэлеса цалкам лакалізаваныя

  • 1.02.2025, 19:08

Шкода ад пажараў ацэньваецца ў 250 млрд даляраў.

Лясныя пажары ў прыгарадах Лос-Анджэлеса ўзятыя пад поўны кантроль. Пра гэта ў пятніцу, 31 студзеня, паведаміў Дэпартамент лясной гаспадаркі і супрацьпажарнай аховы штата Каліфорнія.

Паводле звестак, апублікаваных на сайце ведамства, на 100% лакалізаваны два найбуйнейшыя пажары ў раёнах Пасіфік-Палісейдс і Ітан. Агульная плошча ўзгарання склала 57637 акраў. Гэта 233 кв. км або блізу 33000 футбольных палёў. Разбураны 16255 будынкаў. Папярэдняя колькасць ахвяр - 29 чалавек.

Як піша Reuters, матэрыяльная шкода ад пажараў ацэньваецца ў 250 млрд даляраў. Агенцтва тлумачыць, што паняцце "лакалізаваны" азначае толькі, што распаўсюджванне агню ўдаецца стрымліваць. Унутры кантраляваных зон можа працягвацца гарэнне.

Са слоў пажарных, лакалізацыя на 100% носіць хутчэй сімвалічны характар, бо апошнія пажары былі на крутых горных схілах.

На мінулым тыдні ў Паўднёвую Каліфорнію прыйшлі дажджы, якія дапамаглі ў барацьбе з агнём, зазначае Reuters. Але на горных схілах дождж стаў хутчэй перашкодай, бо выклікаў апоўзні і заблакаваў дарогі, па якіх ехалі пажарныя.

Паводле звестак агенцтва AFP, у прыгарадах Лос-Анджэлеса адмянілі раней уведзеныя загады аб эвакуацыі жыхароў. У розны час яны закранулі 180000 чалавек.

Апошнія навіны