Беларусы ў Варшаве ўшанавалі памяць паўстання Каліноўскага
- 1.02.2025, 20:39
1 лютага 1863 г. пачалося паўстанне супраць Расейскай імперыі.
1 лютага каля брамы Варшаўскай цытадэлі адбылося мерапрыемства, прысвечанае памяці паўстання 1863-64 гадоў.
У гэты дзень у 1863 годзе ў Беларусі і Літве пачалося паўстанне супраць Расейскай імперыі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, быў падтрыманы Варшаўскі маніфест, створаны Часовы ўрад Літвы і Беларусі.
Памінальныя мерапрыемствы пачаліся з агульнай малітвы на месцы гібелі апошняга лідара паўстання Рамуальда Траўгута і яго паплечнікаў 5 жніўня 1864 года.
На мітынгу выступілі: прадстаўнік руху "Вольная Беларусь", дэпутатка Мінскай гарадской Рады ад БНФ "Адраджэнне" ў 1990-96 гадах Галіна Пазняк; лідар руху салідарнасць "Разам" Вячаслаў Сіўчык; паплечніца Вітольда Ашурка Вольга Быкоўская; гісторык Яўген Дудкін; сустаршыня руху салідарнасці "Разам" Алена Талстая; прадстаўнік Саюза палякаў Беларусі Ірэна Бярнацкая; прадстаўнік Лігі свабодных нацый Ібрагім Яганаў.
Да мемарыяла былі ўскладзеныя два кошыкі кветак у колерах польскага і беларускага флагаў, запаленыя свечкі.
Арганізатарам акцыі выступіў Рух салідарнасці "Разам" сумесна з прадстаўнікамі Саюза палякаў на Беларусі.