BE RU EN

Беларускія азімыя пад пагрозай

  • 2.02.2025, 16:34

Праз цёплую зіму.

Наперадзе яшчэ месяц зімы, а на палях у Беларусі азімыя культуры - жыта і трыцікале - ужо ўваходзяць у перыяд падрыхтоўкі да росту, што можа быць небяспечным для іх. Пра гэта паведамляюць беларускія аграрыі, заўважыў "Белсат". Спецыялісты гавораць пра "расход цукру", прагназуюць "вельмі шмат хвароб" і адзначаюць, што маразы могуць загубіць частку пасеваў.

За тыдзень анамальна цёплага для студзеня надвор'я ў Беларусі зафіксавана амаль 200 тэмпературных рэкордаў. Было цёпла як у сакавіку. Люты, які ўжо пачаўся, таксама будзе мяккім - апынецца на 1-1,5°C цяплейшым за нормк, якая складае ад -2°C на паўднёвым захадзе да -6°C на паўночным усходзе краіны. Звычайна ў трэцім месяцы зімы бывае не менш за 10 дзён адлігі па паўночным усходзе, да 17 па паўднёвым захадзе. Сёлета іх будзе крыху больш.

Наступствы цёплай зімы могуць сур'ёзна адбіцца на пасевах. Цяпер нельга сказаць, што азімыя ў ідэальным стане і перазімоўваюць, адзначыў старшыня камітэта ў сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Прымачэнка.

«Таму што ў паўднёвых рэгіёнах бачым прачынанне зімовага жыта, расліны пачалі вегетаваць. Гэта тычыцца і трыцікале. На жаль, гэта не ёсць добра, таму што ідзе расход цукру. Расліны дыхаюць і патрабуюць да сябе ўвагі», - распавёў Прымачэнка.

Улічваючы напаўсонны стан раслін, хутка трэба будзе ўносіць угнаенні. Аднак калі прыйдуць замаразкі, якія прагназуюць найбліжэйшымі тыднямі, падкормка можа абярнуцца гібеллю культуры.

На гэты момант, мяркуючы з надвор'я, чакаецца, што будзе ранняя вясна, дадаў вядучы аграном у абароне раслін агракамбіната «Ждановічы» Яўген Грук: «Гэта хуткія падкормы, ранняя хуткая сяўба. Будзе развiвацца вельмi шмат хвароб, шкоднiкаў. Будуць планавацца тры фунгіцыдныя апрацоўкі, дзве інсектыцыдныя».

На поўначы Беларусі таксама трывожная сітуацыя. Падрабязнасці расказала старшая навуковая супрацоўніца Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі і кандыдатка сельскагаспадарчых навук Любоў Картавенкава. Яна не памятае "за ўсю сваю навуковую дзейнасць у інстытуце", каб з пачатку зімы і да самага канца студзеня было такое цёплае і бясснежнае надвор'е.

«Калі раптам зараз пачнуцца маразы, яны нашкодзяць стану азімых культур, аж да гібелі раслін. Таксама не пойдуць на карысць пасевам і моцныя снегапады. Расліны не змогуць паўнавартасна дыхаць і пачнуць высільвацца, калі снежнае покрыва дасягне больш за 20 сантыметраў. А гэта азначае, што вясной аграрыям давядзецца перасяваць загінулыя плошчы. Але, паводле звестак сіноптыкаў, у лютым не прадбачыцца ні моцных мінусавых тэмператур, ні моцных снегападаў. Начамі прагназуецца да мінус чатырох, што не асабліва крытычна для азімых», - распавяла спецыялістка.

Канчатковую ж адзнаку захаванасці пасеваў можна будзе даць толькі ў другой палове сакавіка, а яна, як паказвае практыка апошніх гадоў, можа быць як марознай, так і снежнай.

Апошнія навіны