BE RU EN

Фронт кліча людзей на Кастрычніцкую плошчу

  • 12.12.2007, 8:27

Кіраўніцтва Партыі БНФ заклікала грамадзянаў прыйсьці 12 сьнежня, у 18.00 на Кастрычніцкую плошчу, каб правесьці акцыю “За незалежную Беларусь!”

11 снежня ў першай прэсавай канфэрэнцыі новага старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага бралі ўдзел і ягоныя намесьнікі, акрамя арыштаванага Віктара Івашкевіча. Менавіта спадар Івашкевіч выступіў на зьезьдзе партыі з ініцыятывай выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 12 сьнежня зь бел-чырвона-белымі і эўрапейскімі сьцягамі.

“Карыстаючыся момантам, мы хацелі б заклікаць усё незалежнае беларускае грамадзтва, усіх, каго хвалюе гэтая праблема, прыйсьці на акцыю і падтрымаць, выказаць сваю волю”, -- заявіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч.

“І ўдзельнічаць у далейшых акцыях, калі яны рэальна спатрэбяцца. Вы памятаеце, тую саюзную дамову заключалі на каталіцкія Каляды. Гэта пэўная дэмабілізацыя людзей ідзе. Усе гэтыя паралелі непрыемна напрошваюцца”, -- дадаў Лявон Баршчэўскі.

Адносна маючага адбыцца візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Беларусь старшыня Партыі БНФ сказаў:

“Усё гэта заўсёды небясьпечна. Абодва рэжымы зараз гуляюць закрытымі картамі. Мы ня маем поўнай інфармацыі. Мы ня ведаем, якія ёсьць аргумэнты, акрамя агульных — газ там, нафта. Гэта важныя аргумэнты. Але не канчатковыя. Якія ёсьць аргумэнты ў расейскага боку, каб націснуць на Лукашэнку? Таму гэта небясьпечна”.

Першы намесьнік старшыні партыі Вінцук Вячорка заявіў, што візыт Уладзімера Пуціна дае нагоду данесьці да шырокай грамадзкасьці заяўленую на зьезьдзе мэту абароны незалежнасьці.

“Зь іншага боку, ня так істотна, ці ён зьбіраецца прыяжджаць і выдушваць з Лукашэнкі саступкі ў галіне палітычнай незалежнасьці, ці энэргетычнай нашай незалежнасьці. Усё роўна ён будзе зь яго нешта выдушваць. Трывожна, што такі прыезд адбываецца ў паваротны момант расейскай палітычнай гісторыі. Чаго яны зьвяртаюцца да беларускага пытаньня, калі, па ідэі, яны павінны канцэнтравацца на вырашэньні пытаньняў унутраных, сваіх? Таму беларускае грамадзтва павінна вельмі моцна насьцеражыцца”, -- лічыць палітык.

последние новости