BE RU EN

Технология победы

  • 4.12.2007, 8:30

Народ и быдло – не одно и то же, сколько бы нам не вбивали в голову обратное. Чтобы умело завести большое стадо в нужное место, возможно, одного пастуха и недостаточно, необходимо иметь пастушков на подхвате и пару разумных собак. А народу нужны не коллегия пастухов и не собаки, а Лидер, пишет для сайта Хартии’97 заместитель председателя Партии БНФ, кандидат на пост лидера партии Алесь Михалевич.

Пазнавальны лідэр, папулярны сярод значнай часткі насельніцтва і ў першую чаргу сярод тых, хто не хоча заставацца ў балоце па вушы да скону дзён, -- лідэр, прызнаны сярод патэнцыйных пратэстных групаў.

Кожная краіна мае такога лідэра, якога фарміруе сітуацыя на той момант. У Польшчы, паколькі савецкая прапаганда выступала ад імя рабочага класу, ім стаў рабочы Лех Валенса. Пра яго выказваліся па-рознаму, абвінавачвалі ў супрацы з органамі бясьпекі. Ён набліжаў да сябе групы вельмі своеасаблівых, каб не сказаць дзіўных, дарадцаў. Яго прамовы па-польску сталі цытатнікам граматычных памылак, ён ня меў нават закончанай сярэдняй адукацыі. Але падчас дэстабілізацыі ў Польшчы менавіта ён выступіў асноўным інтэгруючым сымбалем – і стаў прэзыдэнтам, нягледзячы ні на што.

Што да адукацыі лідэраў, можна ўзгадаць процілеглы выпадак. Вацлаў Гавэл. Інтэлігент, дысідэнт, маральная альтэрнатыва. Тэатрал і абсалютна непрактычны з гледзішча большасці простых людзей чалавек. Яго публічныя выступы не запальвалі натоўпу. Яго ніхто не разглядаў як патэнцыйнага дзяржаўнага дзеяча. За пару месяцаў да таго дня, як Вацлаў Гавэл стаў прэзідэнтам, ён быў перакананы, што нічога ў Чэхаславаччыне ня зьменіцца, бо цярплівасьць яе народаў ня ведае межаў. Але, як бачым, змянілася. Гавэл стаў цэнтрам прыцягненьня ўсіх апазыцыйных сілаў і неўзабаве стаў прэзыдэнтам.

Цікава выглядае прыклад Украіны. Сыстэма, якая не дазваляла раскруціцца і стаць пазнавальным моцнай асобе, выпрадукавала банкіра Юшчанку. Нешматслоўнага (чытай: зь сярэднімі здольнасьцямі прамоўцы), як і належыць банкіру, ня вельмі амбіцыйнага чалавека, які доўга не пагаджаўся рабіцца публічным палітыкам. Вы памятаеце, хто ў выніку заняў пост прэзыдэнта Украіны?

Валенса, Гавэл, Юшчанка. Што ж аб’ядноўвае такіх розных людзей? Яны былі прызнаныя сваімі сымбалямі апазыцыйна настроенай грамадзкасьцю сваіх краін. Яны былі вядомыя на Захадзе. Яны адносна доўга адкрыта супрацьстаялі рэжыму, і ў адпаведны момант сталі цэнтрамі крышталізацыі апазыцыі, прыцягнушы на свой бок у тым ліку перабежчыкаў ад улады.

На гэтым фоне Аляксандар Мілінкевіч выглядае вельмі нават адпаведна. Чалавек, які шмат дасягнуў у жыцьці, супроць якога ўлада да гэтага часу ня здолела выцягнуць ніякага кампрамату. Ці мусіць ён быць адначасова ідэальным мэнэджэрам і майстрам палітычных інтрыгаў? Ці арлом, які вядзе нас на бойкі з АМАПам? Узгадайма, што, калі на Украіне была кампанія “Украіна без Кучмы”, Юшчанка яшчэ спраўна служыў прэм’ерам і прысягаў у вернасьці Леаніду Данілавічу.

Альтэрнатыва Лукашэнку ў нас ёсьць, імя ёй – Мілінкевіч. І шлях да перамогі трэба шукаць не праз замену Мілінкевіча, а праз НАЯЎНАСЬЦЬ АПІРЫШЧА Ў КАНКРЭТНЫХ САЦЫЯЛЬНЫХ ГРУПАХ І КАМУНІКАЦЫЮ З ГРАМАДЗТВАМ У ЦЭЛЫМ.

НАЯЎНАСЬЦЬ АПІРЫШЧА Ў КАНКРЭТНЫХ САЦЫЯЛЬНЫХ ГРУПАХ – справа, без якой не выйгравалась ніводная кампанія ці рэвалюцыя. У Польшчы 80-х гадоў, паколькі сацыялістычная ўлада ажыцьцяўлялася ад імя рабочых, яны і былі найважнейшай групай. Таму інтэлігенцыя і стварала Камітэты абароны працоўных, а грамадзянскі рух “Салідарнасьць” набыў юрыдычную абалонку прафсаюза.

У нашых умовах мы мусім абапірацца на тыя групы, якія могуць стаць крыніцай РЭАЛЬНАЙ ПАДТРЫМКІ. На тых людзей, якія ўмеюць ня толькі вызначыць для сябе прыярытэты (годнае жыцьцё, здароўе блізкіх, права на веру, будучыня дзяцей), але і абараніць іх. А пад апошнім мяркуецца ня здольнасьць да гнеўных ці сьлязьлівых выступаў на ўласнай кухні з фігай у кішэні (не сакрэт, што шмат "неабыякавых” людзей сваю неабыякавасьць сьцьвярджаюць менавіта такім чынам), а здольнасьць да адкрытага пратэсту. Звычайна гэтая здольнасьць прачынаецца ў людзей, якім неўзабаве будзе няма чаго губляць, бо самае дарагое ўжо ці аднялі, ці адымаюць пакрысе, нібы ў той коткі, якой адразалі хвост па кавалках.

Групы, дзе рэальна набыць падтрымку, здольныя да ўдзелу ў вулічных пратэстах – гэта перш за ўсё прадпрымальнікі-гандляры на рынках, вернікі і актыўная моладзь, якую КДБ называе “молодёжные радикальные политизированые группировки”. Што да ІП – Лукашэнка прыняў рашэньне ліквідаваць іх як клас. Паступова большасьць рынкавых гандляроў пачынае гэта разумець. І ў цяперашні момант вельмі важна, каб Аляксандар Мілінкевіч стаў рэальным аўтарытэтам для гэтых людзей, каб фронтаўскія актывісты здолелі наладзіць камунікацыю з гэтай групай. Каб мы маглі ўзяць на сябе значную частку працы па арганізацыі пратэстаў, патлумачыць людзям іх перспэктывы пры новай уладзе. Праца цяжкая, але рэалістычная. Тым болей што група сканцэнтраваная ў канкрэтных месцах. Калі зь людзьмі гаварыць пра іх праблемы і тлумачыць магчымасьці іх вырашэньня, яны будуць слухаць і далучацца да агульнага працэсу пераменаў. Тым больш, што самі ад гэтых зьменаў толькі выйграюць.

Другой групай зьяўляюцца вернікі. На дадзены момант роўныя правы канфесій хіба што праяўляюцца ў роўных долях уціску. Новае рэлігійнае заканадаўства адкрыта дыскрымінуе пратэстанцкіх вернікаў, фактычна рыхтуе глебу для іх вынішчэньня. Каталікі штогод сутыкаюцца з праблемамі, калі іх сьвятарам адмаўляюць у дазволе працягваць працу на Беларусі. Дый сярод праваслаўных ёсьць як глыбока незадаволеныя законам “Аб свабодзе сумленьня”, так і людзі, якія хутчэй падтрымаюць сапраўды праваслаўнага, чым “праваслаўнага атэіста”. Цяжка патлумачыць людзям, чаму ў іх адабралі права на адпачынак у панядзелак пасьля Вялікадня, пры тым што ў краіне афіцыйна сьвяткуецца 7 кастрычніка – фактычна дзень нараджэньня бязбожнай па вызначэньні дзяржавы. Патрэбна ўмацоўваць упэўненасьць веруючых людзей, што Аляксандар Мілінкевіч ёсьць іх абаронцам. Сыстэмна працуючы з гэтымі людзьмі, можна падрыхтаваць іх да ўдзелу ў мірных масавых акцыях.

Трэцяй групай зьяўляюцца актыўныя маладыя людзі, якія былі рухавіком ва ўсе часы. Трэба далей адладжваць сыстэму прыезду маладых людзей на акцыі з розных куткоў Беларусі, ствараць сетку моладзевых лідэраў, якія, атрымліваючы завочную адукацыю, увесь вольны ад навучаньня час прысьвячаюць пошуку і арганізаваньню моладзі. Моладзь патрабуе больш рэальнай падтрымкі, чым цёплыя словы. Партыя мусіць выступаць юрыдычнай абалонкай для гэтых людзей. Трэба даваць ім магчымасьць зьбірацца на партыйных офісах. Трэба адладзіць сыстэму прыезду на акцыі для моладзі, якая навучаецца ў Польшчы і Літве, патлумачыўшы рэктарам, што калі сёньня студэнты беларусы не прыедуць на акцыю, то заўтра ім ня будзе куды вяртацца. Гэта ўсё задачы рэальныя, якія можна вырашаць у беларускіх варунках. Ёсьць адпаведны досьвед і адпрацаваныя механізмы.

КАМУНІКАЦЫЯ З ГРАМАДЗТВАМ У ЦЭЛЫМ.

Кожны з нас, беларусаў, мае так званую вялікую сям’ю. Сутнасьць гэтага паняцьця лепш за сацыялягічныя падручнікі апісвае показка: сям'я -- група людзей, якая зьбіраецца разам, каб адзначыць зьмену свайго колькаснага стану, напрыклад, на народзіны, вясельле ці пахаваньне. Для мяне мая вялікая сям’я – адпаведная фокус-група, дзе ёсьць і перакананыя лукашысты, і людзі апазыцыйных перакананьняў. Частка сям’і перабралася ў Менск, хтосьці жыве ў раённым цэнтры, а некаторыя засталіся на вёсцы. Менскія “апазыцыянэры” заўсёды перакананыя, што яны ў меншасьці, бо “правінцыя ўсё адно падтрымлівае Лукашэнку”. Лукашысты з рэгіёнаў казалі, што Мілінкевіч ім спадабаўся, але галасавалі яны за Лукашэнку, “бо ён захаваў стабільнасьць”. І гэта прагрэс у параўнаньні з пачаткам 90-х, калі пра Пазьняка яны нават слухаць не хацелі. А зараз яны хочуць слухаць, прагнуць інфармацыі – толькі дайце! Гэта значыць, што мы павінны наладзіць сыстэму данясеньня інфармацыі -- па меншай меры да ўсіх людзей з населеных пунктаў больш за 5 тысяч чалавек. Калі гэта адбудзецца, то мы зьліквідуем менскую перакананасьць, што “правінцыя за Лукашэнку”, і Менск зразумее, што на ім адказнасьць за лёс краіны.

Данясеньне нашых газэтаў у кожную паштовую скрыню шматпавярховых дамоў – задача рэальная, калі ўлічваць, што мы маем сетку рызографаў, грошы на друк, і актывістаў, каб гэту інфармацыю разносіць. Мільённыя наклады газэт і ўлётак павінны стаць рэальнасьцю ў нашай штодзённай працы. Сетка мясцовых газэтаў, якія папулярызуюць мясцовых лідэраў і раскручваюць Аляксандра Мілінкевіча – справа абсалютна рэальная і выканальная. Толькі такім чынам мы пераканаем тых, хто нас падтрымлівае, што нас большасьць.

І апошняе, ЗЬНЕШНІЯ УМОВЫ. Мне запярэчаць, што Валенса з Гавэлам ня сталі б прэзыдэнтамі, калі б не дэзінтэграцыя СССР і не праявы крызы ў гаспадарчай сыстэме. Дык у нас зьяўляецца шанец, паколькі Расея паступова спыняе датаваньне беларускай эканомікі, а расейскія кіраўнікі будуць занятыя ўнутранымі ўладнымі разборкамі. Узгадаем як Гарбачоў з-за ўнутраных праблемаў “прагледзеў” сыход былых краінаў сацыялістычнага лагеру. Але варта пасьпяшацца. Пад канец 2009 г. новы расейскі кіраўнік умацуецца, і пачне граць сваю гульню на беларускім полі, зачаткі якой мы бачым у дзеяньнях па зьнішчэньні Мілінкевіча. І гэта – толькі кветачкі. Таму перамагаць трэба хутка, інакш давядзецца змагацца за культурніцкую аўтаномію, замест таго, каб кіраваць эўрапейскай краінай. Таму давайце ня думаць пра прэзыдэнцкія выбары 2011 года. У 2011 у нас ужо будзе свой каляндар. Беларускі, а значыць Эўрапейскі.

последние новости