BE RU EN

Народнаму Фронту – 20 гадоў

  • 19.10.2008, 14:56

19 кастрычніка 1988 году быў утвораны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту – партыі, якая заўсёды змагалася за незалежнасьць і свабоду Беларусі.

Тады, 20 гадоў назад, ў памяшканьні тагачаснага Дому кіно (касьцёл сьв. Сымона і Алены) адбываўся сход арганізацыйнай групы па стварэньню Беларускага камітэта памяці ахвяраў сталінізму. У залі прысутнічалі такія вядомыя беларусы як Стэфанія Станюта, Васіль Быкаў, Максім Танк, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Віктар Казько... Шмат было моладзі - але былі і тыя, хто, як Сяргей Грахоўскі, правёў значную частку жыцьця ў сталінскім ГУЛагу. Прышлі сюды “па разнарадцы” з гаркаму і вэтэраны са значкамі «50 гадоў у КПСС».

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык падае на “Радыё Свабода” свае запісы з той гістарычнай падзеі. Вось, што заявіў тады Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў:

“На працягу стагодзьдзяў наш народ моўчкі цярпеў прыгнёт. Ліў сваю кроў, ахвяраваў мільёнамі жыцьцяў і - маўчаў. Маўчаў, бо ягоныя гісторыкі пазбавілі яго праўдзівай гісторыяграфіі, яго філёсафы ўнушалі яму фальшывую ідэю аб мудрай правільнасьці ягонага бязьмежнага цярпеньня. Ягоныя рыцары прыгожага пісьменства спаборнічалі між сабой аб тым, хто найлепш апяе тое, што варта было выбуху гневу і абурэньня. Ягоныя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы былі пазбаўленыя ўласнай палітыкі, магчымасьці дзейнічаць на карысьць народа, а шмат хто зь іх сам стаў ахвяраю тэрору, уласнае сьлепаты і заблуджэньня.

Але мы болей не хочам жыць, каб ня памятаць як аб нашым гонары, так і аб нашых ахвярах, нашых пакутніках. Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду і зрабіць зь яе пэўныя высновы. Найперш, праўду трэба сказаць пра мільёны безымянных людзей Беларусі, рабочых, калгасьнікаў, інтэлігентаў з народа, беларусах, рускіх, паляках, яўрэях, людзях іншых нацыянальнасьцяў, панішчаных у гады сталіншчыны бяз віны, бяз права, бяз сьледу ў народнай памяці. Сімвалам тых, панішчаных, сёньня сталі ўжо славутыя Курапаты. Але Курапаты толькі адна кропля ў моры людзкой крыві.

Мы павінны таксама назваць імёны катаў нашых ахвяр. Хто былі гэтыя нелюдзі?... Як даўно вядома, кат і ахвяра інфэрнальным чынам зьвязаныя між сабой, і чалавецтва павінна ведаць і памятаць абодвух. Гэта патрэбна ў імя справядлівасьці, у імя дэмакратыі, у імя нашай будучыні. У тым наш сьвяты абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленьнямі, каб ім не давялося дакараць нас за тое, што мы мелі магчымасьці і ўпусьцілі яе. Мабыць, ніхто з нашых папярэднікаў ня меў такой магчымасьці, якую лёс ці гісторыя далі нам, і было б найвялікшай гістарычнай несправядлівасьцю ня выкарыстаць яе.

Але зьдзейсьніць гэты абавязак, мабыць, будзе нялёгка, Сілы рэакцыі, сталіншчыны ня склалі сваёй выпрабаванай зброі, і гатовы ўзяць рэванш за іхняе паражэньне ў галоснасьці. Каб пераканацца ў тым, даволі хоць зрэдку браць у рукі газэту "Вечерний Минск", орган менскага гаркома і гарсавета народных дэпутатаў, і паглядзець, хто і супраць чаго там выступае. Сілы зла цяпер перажываюць невялікую паўзу ў сваёй антынароднай дзейнасьці, перабудова і галоснасьць блытае іх адпрацаваныя за гады карты. Але яны ўжо пачалі прыстасоўвацца і да атмасфэры перабудовы. А ў некаторых выпадках -- і браць яе пад сваё кіраўніцтва. Кіраваць з такім разьлікам, каб хутка і бяз стратаў вярнуць так любы іхнім лекейскім душам таталітарызм з падаўленьнем, рэпрэсіямі, п’яным і пакорным існаваньнем заняволенага народа. Таму ўсе, каму дарагія прынцыпы дэмакратыі і сацыялізму, лёс нацыі, павінны быць пільныя, не даць сябе ашукаць ні крывадушнай бюракратыі, ні амаральнай навуковасьці, ні тым правакатарам ад перабудовы, якія маюць заданьне пусьціць яе на злом галавы, адвярнуўшы ад высакароднай мэты дэмакратычнага Адраджэньня нацыі, растварыць ідэалы дэмакратызацыі ў нацыянальных, рэгіянальных, ведамасных і амбіцыёзных сварках і супярэчнасьцях.

Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай сьвядомасьці, стане важным элементам гістарычнай памяці, і гарантам. Гарантам будучыні народа, які праз генацыд, кроў і зьнявагу з упартасьцю асуджанага ірвецца да сонца, дабра і справядлівасьці”.

На сходзе вырашылі стварыць Таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў «Мартыралог Беларусі». Выступоўцы адзначалі, што без дэмакратызацыі грамадзтва немагчымыя ні вяртаньне гістарычнай памяці, ні стварэньне прыстойных умоваў жыцьця для суайчыньнікаў. Было зразумела, што мэты новай арганізацыі павінны быць значна шырэйшыя, чым аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. Разумелася, што арганізацыя будзе палітычнай. А магчыма, - будзе дзьве арганізацыі. Гучалі прапановы ўтварыць Народны Фронт. Было зразумела: ад таго, хто стане на чале «Мартыралёга», залежала, чым скончыцца гэты сход, ці будзе пастаўленая прапанова пра стварэньне Народнага Фронту, якая гучала з вуснаў выступоўцаў.

«Мартыралёг» узначаліў Зянон Пазьняк. І ў той жа дзень быў утвораны аргкамітэт Народнага Фронту. У яго вайшлі: Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі, Алесь Бяляцкі, пісьменьнік, Анатоль Варава, гісторык, Вінцук Вячорка, філёляг, Ніл Гілевіч, паэт, Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, Юры Дракахруст, матэматык, Міхась Дубянецкі, пісьменьнік, Вячаслаў Жыбуль, літаратуразнаўца, Яўген Кулік, мастак, Мікола Купава, мастак, Валеры Масьлюк, рэжысер, Пятро Садоўскі, кандыдат філялягічных навук, Алесь Суша, гісторык, Генадзь Тумаш, мастак, Сымон Сьвістуновіч, мастак, Міхась Ткачоў, доктар гістарычных навук, Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, Ігар Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Міхась Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Яўген Шунейка, мастацтвазнавец, Васіль Якавенка, пісьменьнік.

«Падзея 19 кастрычніка 1988 году назаўсёды застанецца ў беларускай гісторыі як выява спрадвечнага імкненьня нацыі да свабоды. Грунтуючыся на ідэалах Акту 25 сакавіка, актывісты Беларускага Народнага Фронту, дзякуючы еднасьці і рашучасьці, дамагліся Незалежнасьці для нашай Бацькаўшчыны. Будзем верыць, што сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг ізноў годна залунае над вольнай, дэмакратычнай Беларусьсю. Жыве Беларусь!», -- ліст з такімі словамі даслала на адрас Народнага Фронта старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.

последние новости