BE RU EN

Заметки одинокого наблюдателя

  • 8.10.2008, 8:44

Активист Партии БНФ Зьмитер Белый в качестве независимого наблюдателя присутствовал на одном из минских избирательных участков во время «парламентских выборов» 28 сентября. Сегодня на сайте www.pbnf.org наблюдатель рассказывает о нарушениях, которые он видел собственными глазами накануне и в ходе «выборов».

1) Рэгістрацыя назіральніка

Назіраньне пачаў з рэгістрацыі ў акруговай камісіі. Ля акруговай камісіі стаялі людзі – чалавек 5-6. Стаў разам зь імі, чакаю. З суседняга пакою выходзіць ваенны палкоўнік і накіроўваецца ў акруговую камісію. Людзі напалову заходзяць у пакой, дзьверы адчыненыя. У пакоі старшыня камісіі пачала друкаваць на ксэраксе нейкія пратаколы.

Я спытаў у бліжэйшага чалавека, што адбываецца. Ён адказаў: “Дадрукоўваюцца дадатковыя бюлетэні. Зьявіліся новыя людзі, якіх адразу не было ў сьпісах. Палкоўнік (як потым выявілася – старшыня адной з участковых камісій гэтай акругі) сказаў старшыні: “Зрабіце акт аб выдачы дадатковых бюлетэняў”.

Тая засумнявалася, ці варта гэта рабіць. А потым спытала ў палкоўніка: “А што, у вас будзе два акты атрыманьня бюлетэняў?“- “Так, будзе два,”- проста адказаў ён. Старшыня нават не зьдзівілася: “Добра. Пачакайце, пакуль я разьбяруся зь людзьмі”. Раздала кожнаму з тых, што стаялі каля дзьвярах па 3 нейкія толькі што надрукаваныя пратаколы, пасьля чаго людзі сышлі.

У пакоі засталіся толькі старшыня, палкоўнік ды я. Паўкоўнік застаўся ля ксэраксу – нешта друкаваў. Я ж пайшоў да стала старшыні акруговай камісіі. Зарэгістраваўся, запытаў колькі выбарцаў у яе акрузе і колькі ўжо прагаласавала. Тая назвала лічбы.

Тут падышоў паўкоўнік і кінуў мне: “А я б табе наогул ніякіх зьвестак не даў бы! Можаш прыйсьці да мяне на ўчастак!” - “Добра, прыйду! А на які?” – “Не скажу!..” – непаразумела адказаў ён. Пасьля гэтага я пайшоў да выхаду. І ўжо ля самых дзьвярэй (мяне ім ўжо не было бачна) пачуў: “Дык а ён што, і па ўчастках назірае?”- “Так я бачыла ў яго вынятку з пратаколу на 593 участак. Так што глядзі, можа і да вас прыйсьці...”. А я пайшоў рэгістравацца па ўчастках.

2) Дзёньнік падліку галасоў

18:00-19:00 - Вызначаюся з участкам (у школе, дзе зьбіраўся назіраць, было 4 участкі). Агледзеўшы ўсе 4 камісіі абраў найгоршую з майго пункту гледжаньня і пайшоў туды.

Як потым выявілася – нездарма выбраў.

Акрамя мяне тусуюцца яшчэ 4 назіральнікі. Тусуюцца – значыць ,то прыйдуць, то сыдуць. Але ж нейкія дзіўныя: ні ў кого зь іх не заўважыў ня тое што тэчкі з блянкамі заяваў, але і нават асадкі. На выгляд – усім па 40-70 гадоў. Маё меркаваньне: яны былі з таго ж працоўнага калектыву, што і сябры ўчастковай камісіі. Адчуў сябе «Чужым сярод сваіх».

19:15-19:20 – назіраю, як гэтыя “назіральнікі” пішуць нейкія заявы ўсе разам. Пацікавіўся ў адной жанчыны. Яна адказала: “Пішам заявы, што ніякіх парушэньняў выбарчага заканадаўства не выяўлена”. Зьдзівіўся. Сяджу, чакаю: мо і мне прапануюць напісаць такую.

19:24 – нейкая жанчына з складу ўчастковай камісіі (як потым выявілася – намесніца старшыні) лагоднейшым галаском запрашае ўсіх назіральнікаў прайсьці ў суседні пакой – на гарбату. З зьдзіўленьнем назіраю, як ўсе назіральнікі падняліся і «строем» пайшлі піць гарбату ў суседні пакой, адкуль ня толькі нічога ня бачна, але і нічога ня чутна з участку.

Мая цікавасьць да такога «мерапрыемства» ўзрастае. Але сяджу. Жанчына падыходзіць да мяне і зусім ужо лагодненька кажа: “Схадзіце і вы – папіце смачнай гарбаткі з бутэрбродамі!” – “Ды не,” – кажу – “дзякуй! Я тут назіраю... Так цікава – не магу адарвацца!” Яна адчапілася. Адчуваю, што зараз павінна пачацца нешта цікавае.

І сапраўды: старшыня пачаў абыход па сябрах участковай камісіі зь нейкай паперай , у якую кожны запісваў колькасьць нявыкарыстаных бюлетэняў і колькасьць прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Але размаўлялі ціха – мая прысутнасьць ім вельмі перашкаджала.

Сабраўшы зьвесткі, старшыня ўсеўся за свой стол і разам з намесьніцай і сакратаркай, пачаў «датэрміновы падлік галасоў».

Так разумею, яны і гарбату зрабілі толькі дзеля мяне – бо астатнія назіральнікі ж былі свае.

20:00 - Галасаваньне скончылася.

20:04 - Усе падняліся, узялі скрыні для галасаваньня і пайшлі ў пакой, дзе толькі што назіральнікі пілі гарбату. Сябры участковай камісіі сталі колам вакол стала, утворанага з 4 парт, а назіральнікі строем паселі на адведзеныя ім месцы – ў 3 метрах ад стала. Я ж стаў непадалек ад стала.

Старшыня мне кажа: “Вы сядайце! Ня трэба стаяць!” – “Калі вы ня супраць, я буду тут стаяць, бо адтуль нічога ж ня бачна!”- “Я супраць!” – каротка ён мне адказаў, і я вырашыў не канфліктаваць, бо вельмі ж цікавілі вынікі падліку. Таму прысеў на адведзенае месца і пачаў разглядаць «філейныя часткі», як нехта сказаў.

20:08 – пачаўся падлік нявыкарыстаных бюлютэняў. Самога падліку не было – была яго бачнасьць. Бо праз 2 хвіліны ўвесь стос папераў з 744 бюлетэняў перадалі на пагашэньне і запакоўку аднаму з сябраў участковай камісіі. “Прафэсіяналы!” – сказаў я з захапленьнем. Пагашэньне – ён зрэзаў кут усяго стоса нажом для паперы. Запакоўка – загарнуў у адмысловую карычневую паперу і перавязаў шпагатам.

20:12 - Вывалілі бюлетэні датэрміновага галасаваньня. Усе хуценька пачалі хапаць паперкі і раскладваць іх сабе па кучках. Усё моўчкі і вельмі хуценька.

20:20 - Падлік датэрміновага галасаваньня скончаны.

20:21 – 20:23 – Пачаўся падлік хатняга галасаваньня. Падлічылі, склалі крыжом і перадалі запакоўшчыку.

20:24 – Вывалілі асноўную скрыню для галасаваньня на стол. Падлічвалі такім жа чынам. Але пры гэтым былі дакладна названыя некаторыя лічбы: сапсаваны – 31 бюлетэнь, за кандыдата ад апазыцыі аддадзена 116 галасоў! (А ў выніковым пратаколе потым было запісана: 95 галасоў – з улікам датэрміновага і хатняга галасаваньняў.). Пашкадаваў, што не запісаў падлік на дыктафон!

20:33 – Падлік скончаны.

20:34 – Тры сябры ўчастковай камісіі выбеглі з пакою – за крэсламі. Старшыня камісіі на іх закрычаў, перапуджана косячыся ў мой бок : “Куды пайшлі?!! Вярніцеся!!!” Але я зрабіў выгляд, што не надаў гэтаму выпадку ўвагі – і ён супакоіўся. Камісія пасела вакол стала і пачала чакаць.У гэты час пачалі актыўны запіс вынікаў у пратакол. Запісвалі ажно 20 хвілін – даўжэй чым лічылі. Сябраў камісіі ўжо больш нічога не хвалявала - ўсе заняліся сваімі справамі: хто пакаваў бюлетэні, хто нешта маляваў, хто веў паўсядзённую размову…

20:57 – Агучаны пратакол.Усе сябры камісіі адзінагалосна прагаласавалі “за” яго зацьвярджэньне. Па чарзе пайшлі падпісвацца.

21:00 – Усё скончылася. Участковая камісія зьбіраецца ехаць у акруговую. На мой запыт копіі, старшыня даў яе на агляд. Лічбы я перапісаў сабе ў пратакол. Пасьля гэтага палова камісіі зьехала.

Вырашыў прайсьціся па астатніх участках - паглядзець копіі пратаколаў. Але нідзе ніводнай копіі не пакінулі.

Засталіся толькі некалькі сябраў камісій – гатаваць столы да банкетаў. Наразаць агуркі, ды прыгожа сэрвіраваць у іх атрымлівалася вельмі добра…

последние новости