«Так что, Пролесковского посадили?..»
- Иосиф Середич, главный редактор газеты «Народная воля»
- 10.04.2008, 8:47
Поверьте, за последнее время с таким необычным вопросом к нам обратились, может, сто человек.
А справакавала яго публікацыя ў нашай газеце абвяржэння, якое было сфармулявана судом Ленінскага раёна г.Мінска па іску да "Народнай волі" і яе аўтара памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Алега Праляскоўскага. Хоць і не памятаецца, каб такі "шэдэўр" двойчы друкаваўся ў адной і той жа газеце, мы сёння зробім выключэнне і дадзім яго паўторна (з захаваннем нюансаў арыгінала):
"Суд Ленинского района г.Минска РЕШИЛ:
Признать не соответствующими действительности, порочащими честь, достоинство и деловую репутацию Пролесковского Олега Витольдовича сведения, распространенные в статье "Владимир Холод по-прежнему находится в СИЗО" автора Марины Коктыш, опубликованной в газете "Народная воля" за 2 августа 2007 года, содержащиеся в тексте статьи "…Но, например, в кулуарах власти ходят разговоры о том, что Владимир Федорович брал деньги не для себя. Много говорят о каких-то особых отношениях Холода со своим непосредственным начальником Олегом Пролесковским, который согласует списки регистрируемых организаций с А.Лукашенко. Но Пролесковский на свободе".
Што і казаць, шэдэўр Феміды! У практыцы беларускага правасуддзя такога, здаецца, яшчэ не было: газета, бачыце, павінна абвергнуць чуткі. Вобразна кажучы, заткнуць рот нейкім ананімным балаболам, дзякуючы якім і з'явіліся на свет вось гэтыя чуткі наконт таго, што У.Холад браў грошы не для сябе і што са сваім непасрэдным начальнікам у яго асаблівыя адносіны. Хоць у такім выпадку народная мудрасць сцвярджае: на чужы раток не накінеш платок.
Мяркую, няма сэнсу зараз падрабязна каментаваць кожнае слова, увесь тэкст рашэння суда Ленінскага раёна г.Мінска, а дакладней, суддзі Таццяны Жулкоўскай. Засяродзім увагу чытачоў лепш на апошняй фразе абвяржэння, якое рэдакцыя па закону абавязана была змясціць на старонках газеты, — "Но Пролесковский на свободе". Менавіта гэты сказ, як і два папярэднія, нам загадана было абвергнуць. А рашэнне суда, калі яно ўступіла ў сілу, нельга праігнараваць, такая страшэнная кара можа напаткаць, што голым па свеце пойдзеш. І мы бездакорна выканалі рашэнне суда! Мы абверглі фразу "Но Пролесковский на свободе". Абверглі, ведаючы, што нас чакае наперадзе. Менавіта пасля абвяржэння сказа "Но Пролесковский на свободе" і наступілі для мяне, галоўнага рэдактара, гарачыя дзянькі. Менавіта абвяржэнне фразы "Но Пролесковский на свободе" выклікала нечуваны рэзананс.
Сапраўды, што атрымалася пасля таго, як па рашэнні суда Ленінскага раёна г.Мінска, а дакладней, суддзі Таццяны Жулкоўскай "Народная воля" вымушана была ў нумары за 10 студзеня 2008 года абвергнуць сказ "Но Пролесковский на свободе"? Калі прызнаць, што яго змест не адпавядае сапраўднасці (а абвяржэнне, сфармуляванае судом, скіравана якраз на гэта), то міжволі напрошваецца думка: значыць, спадар Праляскоўскі не на свабодзе. У той жа час мы дакладна ведаем, што яго ніхто не пазбаўляў свабоды. Гэта было відавочным, калі публікаваўся артыкул "Владимир Холод по-прежнему находится в СИЗО", гэта мы сцвярджаем і цяпер, зыходзячы з праверанага дзесяткі разоў факта: Праляскоўскі на свабодзе! Паўтараем для ўсіх-усіх, у тым ліку і для суддзі Таццяны Жулкоўскай: спадара-таварыша-господина (хто як хоча, няхай так і называе) А.Праляскоўскага ніхто не арыштоўваў і не кідаў за краты.
Заўважце, менавіта пасля таго, як мы, законапаслухмяныя людзі, літара ў літару, коска ў коску, кропка ў кропку выканалі рашэнне суда Ленінскага раёна г.Мінска, а дакладней, суддзі Таццяны Жулкоўскай, атрымаўся поўны абсурд! Калі верыць абвяржэнню, якое мы змясцілі ў газеце 10 студзеня, то Алег Вітольдавіч Праляскоўскі не павінен знаходзіцца на свабодзе. У той жа час мы дакладна ведаем — ён на свабодзе. І пра гэта ішла гаворка ў артыкуле "Владимир Холод по-прежнему находится в СИЗО". Кінулі за краты спадара Холада, але не спадара Праляскоўскага.
Сапраўды, абсурд ды і толькі! — скажа ўважлівы чытач. І мы ў адзін голас: абсурд ды яшчэ які! Такога абсурду свет не бачыў! Але, прабачце, не мы нарадзілі гэты абсурд. Рэдакцыя тут ні пры чым, яна толькі і зрабіла, што надрукавала абвяржэнне, якое, паўторым у дзесяты раз, сфармуляваў суд Ленінскага раёна г.Мінска, а дакладней, суддзя Т.Жулкоўская, і якое па закону газета абавязана была змясціць на сваіх старонках.
Мы сцвярджалі, што небезвядомы Праляскоўскі на свабодзе, і сёння сцвярджаем, што гэты чыноўнік на свабодзе. Але паколькі ў касацыйнай інстанцыі не дабіліся справядлівасці, пакідаем за суддзёй Таццянай Жулкоўскай рашэнне наконт таго, што сказ "Но Пролесковский на свободе", як і два папярэднія, падлягае абвяржэнню. Адначасова тых, хто не дае мне, галоўнаму рэдактару, пакою пытаннем "Дык што, Праляскоўскага пасадзілі?", хачу канчаткова супакоіць: не пасадзілі, Праляскоўскі на свабодзе. Хоць некаторыя змены ў жыцці Алега Вітольдавіча за апошні час адбыліся. Ён ужо не памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і не начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. Неўзабаве пасля суда над падначаленым Уладзімірам Холадам, якому, дарэчы, далі восем гадоў турмы, ён быў паніжаны ў пасадзе — цяпер А.Праляскоўскі ўзначальвае ўсяго толькі інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта. Журналісты заўважылі: прадставіў калектыву цэнтра новага кіраўніка не Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і не Генадзь Мікалаевіч Нявыглас, а адзін з яго намеснікаў. Для дасведчаных людзей гэты факт пра многае гаворыць.
Ды не будзем цягаць за хвост, як кажуць, мёртвага льва. Я ўзяўся за пяро зусім не з-за гэтага. Каб "Народная воля" гарэла жаданнем "ваяваць" са спадаром Праляскоўскім — дзесяткі артыкулаў з'явіліся б толькі за апошнія паўгода! Падаў ён іск у суд на "Народную волю" і аўтара публікацыі "Владимир Холод по-прежнему находится в СИЗО" — мы ні слова. Пачаўся працэс — зноў з нашага боку маўчанне. Закончыўся суд — ніякіх прэс-канферэнцый, ніякіх каментарыяў у газеце. Накіравалі касацыйную скаргу ў Мінскі гарадскі суд — не сталі грамадскасці тлуміць галаву канфліктам з "галоўным ідэолагам Лукашэнкі", на той час менавіта так яго называлі.
Адным словам, для "Народнай волі" судзіцца з высокім чыноўнікам — не надзвычайнае здарэнне. Што за газета, якая дае ім, чыноўнікам, спакойна спаць! Мы іх кусаем, яны кусаюць нас. І ўсё было б нармальна, калі б у нас суды былі судамі, а суддзі былі суддзямі. На жаль…
Вось і наступіў час вярнуцца непасрэдна да іска спадара-таварыша-господина А.Праляскоўскага да "Народнай волі" і аўтара публікацыі "Владимир Холод по-прежнему находится в СИЗО" ("НВ", 2.08.2007 г.), а таксама хоць фрагментарна, але расказаць пра тое, як заява высокага чыноўніка разглядалася ў судзе.
Спачатку такі штрых. Матэрыял пра арышт У.Холада з нагадваннем прозвішча яго непасрэднага начальніка А.Праляскоўскага з'явіўся ў газеце 2 жніўня, а іск у суд Праляскоўскі падпісаў толькі 30 жніўня. Цяжка сказаць, што чатыры тыдні перашкаджала Алегу Вітольдавічу ўступіць у высвятленне адносін з "Народнай воляй". Пра гэта ні словам не абмовілася ў судзе і яго прадстаўніца адвакат А.Чарэй. Калі газета прапанавала заключыць міравое пагадненне — процілеглы бок катэгарычна адмовіўся. Хоць, шчыра кажучы, мне здавалася, што непаразуменне здымаецца элементарна. "Народная воля" прапаноўвае свае старонкі А.Праляскоўскаму, які ў сваю чаргу выкладае сваю пазіцыю — і на гэтым ставіцца кропка. Але чыноўнік, які на той момант, як нам здавалася, не адчуваў пад нагамі зямлі, лётаў у нябёсах, і слухаць не хацеў пра міравую. Не пераканалі яго і нашы довады наконт таго, што ў Законе аб друку чорным па белым запісана: калі ты лічыш, што газета бяздоказна цябе пакрыўдзіла, маеш права звярнуцца ў рэдакцыю і патрабаваць месца на старонках выдання для свайго выступлення альбо прад'явіць газеце ультыматум — надрукаваць у бліжэйшых нумарах абвяржэнне і папрасіць прабачэння. Але ў памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, адчуваецца, настрой быў іншы: засудзіць газету і аўтара публікацыі на 30.000.000 рублёў (!!!). Не на тры мільёны, а на трыццаць!
І засудзіў. Праўда, крышачку на меншую суму.
Ці магла "Народная воля" змірыцца з такім рашэннем суда Ленінскага раёна г.Мінска, а дакладней, суддзі Таццяны Жулкоўскай? Вядома ж, не.
Звярнуліся з касацыйнай скаргай у калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда — безвынікова, лічы, праштампавалі рашэнне раённага суда. Кінуліся да старшыні таго ж Гарадскога суда М.Ардзякі — праляцелі, як фанера над Парыжам. Ну, думаем, старшыня Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь спадар В.Сукала — ён усё ж разбярэцца, адновіць справядлівасць. Так і напісалі:
"Паважаны Валянцін Алегавіч!
Усяму ёсць мяжа. Беззаконню — перш-наперш. І наш зварот у самую высокую судовую інстанцыю, асабіста да Вас мае адну мэту — аднавіць справядлівасць. Не пазбавіць нас ад пакарання, а, паўтараем, аднавіць справядлівасць, якая ў дадзеным выпадку выяўляецца ў нашай бязвіннасці".
I далей:
"Па Канстытуцыі мы маем такія ж правы на абарону, як і памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спадар Праляскоўскі А.В. А артыкул 12 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса прама сцвярджае: усе грамадзяне роўныя перад законам, незалежна ад сацыяльнага статусу. Але ў Вас, Валянцін Алегавіч, ёсць магчымасць пераканацца ў тым, што, на жаль, і ў судзе Ленінскага раёна г.Мінска, і ў Мінскім гарадскім судзе адкрыта, не лічачыся з нормамі права, парушылі гэтае краевугольнае патрабаванне Феміды, што прывяло да незаконнага рашэння, якое ў імя справядлівасці павінна быць адменена".
Шаноўныя чытачы, вы, мабыць, ужо даўно здагадаліся: ніякія нашы эмоцыі, як і пераканаўчыя факты, спасылкі на нормы права, не паўздзейнічалі на сусветнавядомага В.Сукалу. Праўда, адказ мы атрымалі не за яго подпісам, а за подпісам яго намесніка В.Вышкевіча:
"Скарга задавальненню не падлягае".
I ў заключэнне:
"Пры разглядзе справы суд правільна выкарыстаў матэрыяльны закон і не дапусціў значных парушэнняў норм працэсуальнага заканадаўства".
Стоп! Гэта мы ўжо праходзілі! І, шчыра кажучы, не здзівіліся такому фармальнаму адказу "ў самую высокую судовую інстанцыю, да самага Высокага суддзі". Проста мы, можа, у соты раз пераканаліся: сёння лягчэй знайсці іголку ў стозе сена, чым справядлівасць у нашай краіне. А таму, шаноўныя чытачы, аддаем канфлікт з высокім чыноўнікам на ваш суд.
Да абвяржэння фразы "Но Пролесковский на свободе", думаем, няма сэнсу вяртацца. Нам да сённяшняга дня так і не зразумела, чаму суд прымусіў абвергнуць гэты сказ, як, дарэчы, і два папярэднія. У скарзе на імя таго ж В.Сукалы мы напісалі:
"Насуперак заключэнню суда адказчыкі пацвердзілі адпаведнасць сапраўднасці практычна ўсіх фраз, якія аспрэчваліся істцом:
— у кулуарах улады сапраўды хадзілі размовы пра тое, што Уладзімір Фёдаравіч браў грошы не для сябе, прычым гэтыя размовы мелі месца насуперак пярэчанням прадстаўніка істца яшчэ да публікацыі артыкула (гэта пацвердзілі нават сведкі з боку істца — Маркаў (ліст справы 120), Дзятлаў (ліст 124), Шубін (ліст 127) і Янчэўскі (ліст 129).
Спрэчныя звесткі, прыведзеныя судом у рашэнні і ў адказе на наглядную скаргу як у цэлым, так і ў асобных словазлучэннях адпавядаюць рэчаіснасці, а таму не могуць знеслаўляць істца. Холад па пасадзе з'яўляўся першым намеснікам А.Праляскоўскага — начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да прызначэння на апошнюю пасаду яны доўга сутыкаліся па ваеннай службе. Таму ацэначнае меркаванне аўтара публікацыі М.Коктыш пра іх асаблівыя адносіны з'яўляецца лагічным з пункту гледжання паўсядзённай практыкі і само па сабе таксама не можа зняславіць каго-небудзь.
Апрача таго, сведкі істца таксама не змаглі пацвердзіць довады істца, прызнаўшы, што "каждый из нас по-своему включает смысл в понятие "особые отношения" (лісты 118 — 124).
А як вам, шаноўныя чытачы, такія нашы аргументы:
"Вывад істца і суда, быццам упамінанне пра гэта (маюцца на ўвазе адносіны двух высокіх службоўцаў. — Аўт.) выкліканы жаданнем "связать Пролесковского О.В. с арестом Холода В.Ф. и тем самым бросить тень на самого Пролесковского О.В.", проста недарэчныя, паколькі на момант свайго затрымання Холад У.Ф. з'яўляўся першым намеснікам Праляскоўскага А.В., і ніякіх дадатковых "связей" шукаць не патрабавалася. Цень на істца кідае не публікацыя, а сам факт арышту, прычым на рабочым месцы, яго першага намесніка па падазрэнні ў карупцыйных злачынствах.
Суд не ўлічыў, што аўтар прыняў неабходныя меры па абароне асабістых немаёмасных правоў усіх асоб, згаданых у публікацыі (як Праляскоўскага А.В., так і Холада У.Ф.), выразна аддзяліўшы меркаванні ад звестак і адзначыўшы, што Праляскоўскі на свабодзе. Гэта пацвярджае і сведка С.Альфер, які пасведчыў, што ўспрыняў фразу "Но Пролесковский на свободе", як канстатацыю факта пра тое, што, калі б Праляскоўскі браў хабар, ён быў бы не на свабодзе (ліст 104).
Такім чынам, кожная з абвяргаемых прапаноў адпавядае сапраўднасці або не з'яўляецца знеслаўляльнай. Тым не менш суды запатрабавалі абвергнуць іх сукупнасць: быццам разам гэтыя фразы з'яўляюцца недакладнымі і знеслаўляльнымі. У якасці спосабу абвяржэння суд запатрабаваў надрукаваць рэзалютыўную частку рашэння суда. Гэта даказвае немагчымасць рэальнага абвяржэння фраз, якія абвяргаюцца, і з'яўляецца доказам неабгрунтаванасці судовага рашэння ў гэтай частцы. Калі рэдакцыя выканае рашэнне суда з апублікаваннем рэзалютыўнай часткі, у якой указана, што спрэчныя звесткі не адпавядаюць сапраўднасці, то чытач успрыме такое "опровержение", быццам Праляскоўскі і на самай справе не на свабодзе.
Што і казаць, суд дзейнічаў прадузята, на карысць аднаго з бакоў — дзяржаўнага чыноўніка, які займае адказнае службовае становішча".
Далей мы пісалі В.Сукалу:
"У абгрунтаванне іску аб абароне гонару А.Праляскоўскі паклаў уласнае гіпертрафіраванае меркаванне пра тое, што сэнс публікацыі — абвінаваціць яго ў здзяйсненні "уголовно-наказуемого деяния — злоупотребления служебными полномочиями, совершенного из корыстной или иной личной заинтересованности… за которое законом предусматривается наказание до 10 лет лишения свободы". Данае меркаванне разглядаецца судом у якасці аб'ектыўнай ісціны. У якасці пацвярджэння суд спаслаўся на паказанні сведак Маркава, Шубіна, Дзятлава, Янчэўскага (якія з'яўляюцца або сябрамі, або падначаленымі істца), якім пасля чытання спрэчных фраз здалося, што апошнія "бросают тень на Пролесковского О.В.".
У той жа час суд не прыняў пад увагу паказанні незалежных сведак Альфера, Паўлава, Фурс, якія таксама прачыталі артыкул, але тым не менш такога кантэксту не ўгледзелі.
Аб'ектыўна слоўная канструкцыя не нясе якіх-небудзь звестак, якія маюць на ўвазе злачынныя паводзіны А.Праляскоўскага. Цяжка сабе ўявіць, каб органы крымінальнага пераследу, вывучыўшы дадзеную публікацыю, прыйшлі да высновы аб наяўнасці падстаў і зачэпак для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзенні расследавання ў адносінах істца па падазрэнні ў здзяйсненні ўказанага ў іскавай заяве злачынства.
Неабгрунтаваны, абстрактны вывад істца, які ні прама, ні ўскосна не пацвярджаецца аб'ектыўнымі звесткамі, выкладзенымі ў артыкуле, і ацэначныя меркаванні журналіста пра асаблівыя адносіны істца і Холада не могуць ацэньвацца як знеслаўляючыя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю А.Праляскоўскага.
Абвяргаючы меркаванне спецыяліста М.А.Тычыны, суд прыйшоў да высновы, што ўспрыняцце спрэчнага тэксту носіць абразлівы для істца характар. Між тым ісцец не сцвярджаў і не настойваў на такой ацэнцы. У дадзеным выпадку суд выйшаў за межы прадмету даказвання.
Суды абсалютна аднабакова падышлі да ацэнкі доказаў, згадзіўшыся з тлумачэннямі сведак з боку істца і адхіліўшы паказанні сведак з боку адказчыка, а таксама спецыяліста ў галіне лінгвістыкі і філалогіі, меркаванне якіх супярэчыла высновам істца. Суды не ўлічылі, што сведкі з боку істца, якія з'яўляюцца або яго падначаленымі і таварышамі па службе, або яго сябрамі, былі выкліканы ў суд з парушэннем патрабаванняў ГПК (прадстаўнік істца ў парушэнне арт.186 ГПК не назвала ні іх прозвішчаў, імёнаў і імёнаў па бацьку, ні месца жыхарства сведак) і допыт іх адбываўся з парушэннем патрабаванняў арт.188 КПК (нягледзячы на пярэчанні прадстаўнікоў адказчыка і грамадскасці, допыт пачынаў не суд, а бок істца).
На наш погляд, суд увогуле не павінен быў браць пад увагу меркаванні сведак (з абодвух бакоў) пра змест артыкула, паколькі судовае рашэнне не можа выносіцца на падставе дапушчэнняў (здагадак). Суд мог ацэньваць толькі інфармацыю, напрыклад, пра стан А.Праляскоўскага пасля публікацыі (як сведкі ацэньваюць ступень яго пакут) або змяненне адносін да істца.
Аднак той факт, што і сведкі з боку адказчыка, і сведкі з боку істца паказалі, што меркаванне пра А.В.Праляскоўскага пасля публікацыі не змянілася, не быў ацэнены судовымі інстанцыямі і ніяк не паўплываў на рашэнне па частцы кампенсацыі маральнага ўрону. Ніякім чынам не паўплывала гэта на рашэнне аб памеры кампенсацыі і на ступень маральнага ўрону, перанесенага істцом (пацверджанага толькі яго тлумачэннямі і паказаннямі сведак з яго боку). Суд не задаволіў хадайніцтва адказчыка на правядзенне спецыяльнай псіхалагічнай экспертызы ў адносінах да Праляскоўскага А.В. Прадстаўнік істца спрабаваў абгрунтаваць памер патрабуемай сумы характарам правапарушэння, у якім быццам быў абвінавачаны Праляскоўскі А.В. Аднак падобных абвінавачаванняў у публікацыі няма, яны з'яўляюцца вынікам адвольнай трактоўкі тэксту публікацыі. Больш таго, такі падыход разыходзіцца з патрабаваннямі заканадаўства, якое ўвязвае памер кампенсацыі менавіта са ступенню маральных і фізічных пакут, цяжкасцю наступстваў і іх грамадскай ацэнкі. Ніякіх негатыўных наступстваў для істца не было, а ступень яго пакут апісваецца агульнымі словамі: "был расстроен, подавлен, повысилось давление".
Вызначаны судом памер кампенсацыі — 27 млн руб. — не адпавядае разумнасці і рэзка разыходзіцца з судовай практыкай, якая склалася па справах аб кампенсацыі маральнага ўрону па ісках звычайных грамадзян. Суды яўна праігнаравалі палажэнні аб роўнасці грамадзян перад законам і судом, спагнаўшы на карысць высокапастаўленага чыноўніка суму, неадэкватную памеру перанесеных пакут і як быццам нанесенага ўрону. Нават у выпадках са смяротнымі зыходамі, стратай кармільца і г.д. суды вызначаюць памер кампенсацыі маральнага ўрону у шмат разоў меншы, чым гэта зроблена па іску Праляскоўскага А.В. Пра якія тут роўныя правы перад законам можна весці размову?!
Замацаваная ў рашэнні суда практыка падыходу да свабоды выказвання думак парушае канстытуцыйныя гарантыі (арт.33—34), пазбаўляе журналістаў магчымасці праводзіць журналісцкія расследаванні, паведамляць чытачам аб разнастайнасці меркаванняў у грамадстве па фактах, якія выклікалі грамадскі інтарэс, даваць асабістую ацэнку дадзеным падзеям, публікаваць гэтыя матэрыялы ў СМІ. Падобная практыка перашкаджае свабодзе крытыкі, плюралізму ў грамадстве, можа нанесці шкоду правам і свабодам грамадзян".
Не будзем перагружаць чытачоў іншымі нюансамі справы, ініцыянаванай спадаром Праляскоўскім супраць "Народнай волі". Мяркуем, дастаткова сказанага, каб зрабіць выснову: з дапамогай судоў (суддзяў) было наладжана самае сапраўднае судзілішча над "Народнай воляй"! Што нашым судам факты, што нашым судам нормы права? Пры прыняцці рашэнняў улічваецца, як нам здаецца, зусім іншае…
Напрыклад, пры разглядзе падобных іскаў, але ўжо супраць дзяржаўных перыядычных выданняў, беларускія суддзі, адхіляючы патрабаванні аб абароне гонару і годнасці, у сваіх рашэннях указвалі, што ацэначныя меркаванні аўтара публікацыі не падлягаюць судовай абароне ў парадку артыкула 153 Грамадзянскага кодэкса. Але што да гэтага суддзі Ленінскага суда г.Мінска Таццяне Жулкоўскай? Што да гэтага суддзям Мінскага гарадскога суда Іне Яблакавай, Але Крапіўка, Іне Угнівенка? Што да гэтага старшыні Гарадскога суда Міхаілу Ардзяку? Што да гэтага намесніку старшыні Вярхоўнага суда Валерыю Вышкевічу? І нарэшце — самому Валянціну Сукалу?!
За трынаццаць гадоў "Народная воля" вытрымала дзесяткі "наездаў", вытрымае і гэты. Вытрымаем з дапамогай чытачоў.
Мы верым: не за гарамі час, калі суддзі ў нас будуць суддзямі, а дзяржаўныя чыноўнікі — дзяржаўнымі чыноўнікамі.
Адказнасць за гвалт над законамі, над здаровым сэнсам не мае тэрміну даўнасці.
P.S. Спадзяюся, што пасля гэтай публікацыі мяне больш не будуць атакаваць пытаннем: "Дык што, Праляскоўскага пасадзілі?.."