Жанна Литвина: «Некоторые называют это погромом независимой журналистики»
- 2.05.2008, 16:19
Накануне Всемирного дня свободы прессы 3 мая на сайте Белорусской ассоциации журналистов прошла онлайн-конференция председателя организации Жанны Литвиной и ее заместителя Андрея Бастунца.
- У журналістаў практычна не засталося юрыдычных спосабаў абараніцца ад самавольства чыноўнікаў. Кожнага любы сержант можа абвінаваціць у мацернай лаянцы і яшчэ ў чым заўгодна, а ў суддзяў не ўзнікае ні малейшых сумневаў у гэтых "сведчаннях". Час заснаваць клуб "Журналісты - прыхільнікі мата".
Андрэй Бастунец: Калісьці я сфармуляваў датычна журналістаў: «Сёння права нас не абараняе — сёння мы абараняем права». На жаль, з кожным годам сітуацыя не толькі не паляпшаецца, а наадварот. Хаця і па сёння застаюца мачымасці перамагчы ў судовых працэсах, каля няма наўпроставай «устаноўкі» на вынік. А калі такая ёсць, трэба фіксаваць прозвішчы тых, хто выносіў несправядлівыя рашэнні, ілжэсведчыў.
- Ці значна адрозніваецца сітуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі ад расейскай?
Жанна Літвіна: Кожная сям’я няшчасная па-свойму, як кажуць. Прынцыповае адрозненне нашай сітуацыі са СМІ ад расійскай — у тым, што ў Расіі ўсё ж не такі татальны кантроль за інфармацйнай прасторай. Усе мы ведаем такія «астраўкі» свабоды слова, як «Эхо Москвы»... Хаця насцярожвае тэндэнцыя — імкненне падначаліць, падпарадкаваць прэсу ўладным структурам, узрастанне дыктату з боку ўладальнікаў СМІ. Сапраўднай трагедыяй для расійскай журналістыкі з’яўляюцца забойствы калегаў, і справы аб гэтых забойствах не расследуюцца. Вялікі водгук у беларускай журналісцкай супольнасці выклікала трагедыя, звязаная з забойствам Ганны Паліткоўскай.
- Большасць беларускіх недзяржаўных інфармацыйных газет ужо немагчыма набыць, а тым болей падпісацца. Зараз збіраюцца дабрацца і да інтэрнэту. Нас чакае "вялікі кітайскі файрвол"?
Андрэй Бастунец: Перад тым як заняць пасаду міністра інфармацыі, Уладзімір Русакевіч быў амбасадарам Беларусі ў Кітаі. Так што кітайскі вопыт яму вядомы. Але заўважу, што ў апошні час міністр інфармацыі дае дастаткова ўзважаныя каментары наконт магчымасці рэгулявання Інтэрнет-прасторы. Тое, што яе спрабуюць «адрэгуляваць» прававымі і неправавымі сродкамі, відавочна. Але я веру ў навукова-тэхнічны прагрэс і спадзяюся, што «рэгуліроўшчыкі» заўсёды будуць на некалькі крокаў спазняцца.
- У еўрапейскіх краінах — напрыклад, у Швецыі, усе друкаваныя выданні паводле заканадаўства маюць права на атрыманне фінансавай падтрымкі ад дзяржавы, калі колькасць падпісчыкаў дасягае 2 тысяч. І не важна, якія тэмы асвятляе выданне, крытыкуе ўлады, ці не. Магчыма, БАЖу варта ініцыяваць у парламенце дапаўненне ў закон аб друку, каб і ў Беларусі паспрабаваць стварыць падобную сістэму падтрымкі медыяў. А так атрымліваецца, што на падаткі насельніцтва датацыі маюць толькі праўладныя газеты.
Андрэй Бастунец: Сапраўды, дзяржаўныя датацыі сродкам масавай інфармацыі павінны выдавацца на конкурснай аснове. Але беларускія ўлады фармуюць спіс выданняў, якія датуюцца, без усялякіх тэндэраў. БАЖ спрабаваў ініцыяваць прыняцце новага закону аб СМІ, праект якога падрыхтаваны юрыстамі арганізацыі. Пытанне аб гэтым ставілася нават на парадак дня сесіі парламента мінулага склікання дэпутатамі групы «Рэспубліка». Дэпутаты разглядаць законапраект адмовіліся.
Жанна Літвіна: Сапраўды, у нас у краіне дзяржаўная падтрымка тычыцца толькі мас-медыя, сярод заснавальнікаў якіх ёсць дзяржаўныя структуры. Не лішне нагадаць, што сёлета памеры гэтай падтрымкі толькі з дзяржбюджэту склалі каля 74 млн. долараў. Прынцып, па якім вызначаюцца так званыя «сацыяльна значныя» выданні, нам невядомы. Не хочацца думаць, што памеры датацый залежаць ад ступені лаяльнасці да ўлады.
- Якая з падзеяў апошняга часу з жыцця беларускай прэсы найбольш турбуе кіраўніцтва БАЖ?
Жанна Літвіна: Беспрэцэдэнтная акцыя ператрусаў, праведзеная КДБ 27 сакавіка. Я думаю, што яе яшчэ не канчаткова асэнсавалі – як сярод журналістаў, так і ў грамадстве ў цэлым. Некаторыя мае калегі называюць гэта «пагромам незалежнай журналістыкі». Адзін з вынікаў акцыі – гэта насаджэнне страху, запалохванне нашых калег. У такой краіне, як Нямеччына, напрыклад, заканадаўствам прадугледжана забарона на правядзене ператрусаў у прыватных памяшканнях журналістаў і канфіскацыя аргтэхнікі — гэта магчыма толькі пасля рашэння суда. У сённяшні дзень навідавоку палітычная немэтазгоднасць гэтай акцыі, мы працягваем патрабаваць ацэнкі такога кшталту дзейнасці спецслужб, а самае галоўнае – вяртання тэхнікі і ўвядзення заяўнага прынцыпу акрэдытацыі журналістаў, спынення пераследу нашых калегаў, закрыцця гэтай справы.
- Што адказаў КДБ на запыт БАЖ пасля ператрусаў у кватэрах незалежных журналістаў. Як чэкісты патлумачылі, якое дачыненне маюць адабраныя дыктафоны, навушнікі, маніторы да тых палітычных мульцікаў, на якія яны спасылаліся, адбіраючы тэхніку?
Андрэй Бастунец: Мы пакуль што атрымалі адказы толькі ад пракуратуры горада Мінска. Аб сутнасці адказаў мы паведамлялі на сайце. Якім чынам дыктафоны, навушнікі, маніторы, кнігі альбо музычныя дыскі датычацца да крымінальнай справы па мультыках, пракуратура не адказала. Хаця менавіта гэтак пытанне і ставілася. Адказу ад КДБ мы чакаем дагэтуль. Дарэчы, сёння апошні дзень, калі яны павінны адказаць паводле заканадаўства.
- Парайце, калі ласка, як не патрапіць у няміласць да улады. Дзе тая мяжа, пасля якой заканчваецца прафесія і пачынаецца палітыка?
Жанна Літвіна: Менш за ўсё трэба імкнуцца дагаджаць. У нашай прафесіі, я лічу, самае галоўнае — пачуццё ўласнай годнасці. Калі яна ёсць, то і ўлада паважае — як бы да цябе ні ставілася. А прафесія, на мой погляд, заканчваецца там, дзе журналіст бярэ на сябе функцыю палітолага і пачынае тыражаваць сваё асабістае меркаванне.
Андрэй Бастунец: Я лічу, што трапіць да ўлады «ў міласць» — для журналіста пагроза яшчэ большая. Што тычыцца мяжы паміж прафесіяй і палітыкай, адказ — у самім вашым пытанні. Прытрымлівацца прафесійных стандартаў і не вельмі клапаціцца аб тым, каб трапіць альбо не трапіць да кагосьці «ў міласць», — гэта і значыць заставацца «па гэты бок мяжы».
- Сёння сур’ёзная пагроза навісла над «Газетай Слонімскай», рэдакцыя якой звярнулася за падтрымкай да чытачоў.Як Вы ацэньваеце шанцы газеты з яе чытачамі на перамогу ў барацьбе з мясцовым чыноўнікамі? І ці могуць як-небудзь дапамагчы выдатнаму рэгіянальнаму выданню калегі, члены БАЖ? Сёння ж незалежная газета на паперы — такая каштоўнасць.
Андрэй Бастунец: Я спадзяюся, што «Газета Слонімская» пераадолее ўзніклыя праблемы. Нагадаю, што сёлета гэтае выданне было ўганараванае Фондам Zeit у ліку лепшых сродкаў масавай інфармацыі Усходняй Еўропы. Думка правесці акцыю ў падтрымку «Газеты Слонімскай» — вельмі слушная. І мы абавязкова ў бліжэйшы час абмяркуем яе з супрацоўнікамі выдання. Калі ў вас ёсць нейкія ідэі наконт акцыі ў падтрымку газеты, будзем рады іх выслухаць. У любым выпадку мы не пакінем гэтую сітуацыю па-за ўвагай.