BE RU EN

Сойдите с бронепоезда!

  • Виктор Шалкевич, «Белорусские новости»
  • 20.06.2008, 12:56

То, что сейчас в обществе творится с войной, я иначе как цирком назвать не могу. Эти жуткие, на скорую руку склепанные фильмы, эти парады, феерверки, дешевые цветы и пластиковые венки...

Кожны год напярэдадні чарговых “векапомных дзён” я пачынаю касіцца ў бок тэлевізара - няўжо гэта ізноў пачнецца, няўжо яны няздольныя прыдумаць нешта іншае? І “гэта” ізноў пачынаецца, неадваротна і непазьбежна. Вахта памяці, ніхто не забыты, нішто незабытае, “за подвиг ваш, большой и благородный”, “за чистое небо над головой”, “в памяти благодарных потомков…”

Вось БРСМаўцы “шумною толпою”, як сапраўдныя пушкінскія цыганы, налятаюць у хату бабулі-вэтэрана вайны. Вось нейкае раённае начальства ганарліва і надменна ускладае сынтэтычная вянкі - ноў-хаў нашых пахавальных кантораў - да помніка загінуўшых у Вялікай Айчыннай. Быццам бы яны за гэтыя сынтэтычныя вянкі біліся і паміралі. І помнічак сьціпленькі і маленькі, з абачліва памаляванай колькі дзён таму чырвонай зоркай (фарба яшчэ ня высахла).

А вось мы бачым грандыёзны сталічны канцэрт, дзе салісты ансамбля песьні і пляскі ізабражаюць (вельмі харошае рускае слова ў беларускай транскрыпцыі) ці то адпачынак пасьля бітвы, ці то сцэну ў шпіталі, і пілоткі на іх галовах сядзяць… вельмі непрыстойнае слова просіцца ў параўнаньне, але прамаўчу…

Вось дзяўчаты ў нацыянальных касьцюмах адорваюць вэтэранаў, седзячых у залі, брыдкімі і таннымі “жоўтымі тульпанамі-вестнікамі разлукі”. А вось нейкі палкоўнік, таксама вэтэран вайны, дае інтэрв’ю. І, невядома каго маючы на ўвазе, пагрозьліва апавяшчае яму, невядомаму (ці то ворагу, ці то шпіёну), што порах у нас сухі. І наш бранепоезд стаіць дзесьці там, але ў любы момант можа зварухнуцца і паехаць.

Але самая вялікая трагедыя для мяне пачынаецца, калі на экран тэлевізара, як расьпісныя чаўны Сьценькі Разіна, выплываюць сучасныя мастацкія фільмы пра гераічны подзьвіг савецкіх людзей у найкрывавейшай з войнаў. Тоны крыку, мора сьлёзаў, сьлізі з усіх магчымых адтулінаў ў арганізме, дым, агонь, кроў…

І тут я з жахам думаю, што нашая мілая настаўніца гісторыі Еўдакія Іванаўна падманвала нас, школьнікаў: вайну савецкія людзі выйгралі не таму, што мелі вялікую сілу духа, не таму, што былі ўпэўненыя ў слушнасьці сваёй справы, не таму, што ўсё, што рабілася, рабілася толькі для фронта і дзеля перамогі.

А таму, што савецкія людзі хутчэй бегалі, вышэй скакалі, лаўчэй білі фашыстаў нагамі ў жывот ці па мордзе. Ды ўвогуле вайну выйгралі ў асноўным слаўныя чэкісты, НКВДэшнікі, спэцназаўцы. Словам - усе, толькі ня сьціплыя простыя салдаты. Салдаты - гэта так, дзесьці яны былі і, верагодна, нешта рабілі...

Я ведаю такога сьціплага салдата. Гэта мой цесьць, Іван Канстантынавіч, эканаміст па адукацыі, былы партызан, былы салдат. Ён часта расказвае нам, дзецям і ўнукам, сабраным ля сьвяточнага стала, свае ваенныя жыцьцёвыя гісторыі. Але расказвае, як сапраўдны эканаміст, дакладна, не прапускаючы аніводнай дробязі… Карнікі спалілі мястэчка Ленін, яны ўдваіх зь сястрой Надзеяй уцяклі ў лес, хаваліся, бадзяліся, прысталі да партызанаў, вызваленьне, потым іншая вайна - на далёкім Усходзе, у Манчжурыі…

Мяне заўсёды зьдзіўляла, што Іван Канстантынавіч так падрабязна і добра ўсё памятае, не зважаючы на свае восемдзесят зь нечым. І ў гісторыі ягонага жыцьця, якое зачапіла вайна, няма ані гераічных учынкаў, ані неймаверна непраўдападобных здарэньняў, пра якія мы сотнямі чуем зараз. Словам, нейкае не сэнсацыйнае ў яго ваеннае жыцьцё: цяжкае, аднастайнае, шэрае.

Любы сцэнарыст скрывіцца і скажа, што гэта нетыповы выпадак. Але мне здаецца, што якраз такіх, як Іван Канстантынавіч, была большасьць. І яны, менавіта яны, так штодзённа, шэра, нецікава ваявалі, жылі, выжывалі, перажывалі кожны дзень. І гэтая іх штодзённасьць і была найвялікшым гераізмам, найвялікшым подзьвігам. Таму яны перемагалі, перамагалі і ў канцы перамаглі.

А тое, што зараз у грамадзтве вычоўпваецца з вайной, я інакш як цыркам назваць не магу. Гэтыя брыдкія, на хуткую руку скляпаныя фільмы, гэтыя парады, гэтае пусканьне файервэркаў, танныя кветкі і плястыкавыя вянкі…

Дзякуючы намаганьням ідэолягаў і прапагандыстаў, вайна з агульначалавечай трагедыі пераўтвараецца у барацьбу паштэтных і лівэрных кілбасаў. У нейкі цырк, у фарс, зь якога маюць пажытак (але розны па якасьці) усе. Толькі некаторыя атрымоўваюць няшчасныя сто тысячаў да чарговага сьвята і страшэнна гэтаму радыя. А некаторыя, дачыненьня да вайны зусім ня маючыя, пыхліва ўзвышаюцца на трыбунах.

Ёсьць рэчы, якія сьціраюцца, як медны грош. Ня варта з вайны рабіць такі медны грош. Ня варта балбатаць пра яе на ўсіх вуліцах і пляцах тыдзень, каб потым у вушах зазьвінела ад непрывычнай цішыні, таму што чарговая кампанія скончылася і трэба рыхтавацца да наступнай…

Няўжо нельга глянуць на тое, што перажылі бацькі нашыя і дзеды, неяк па іншаму - з пазыцыі грамадзянаў дваццаць першага стагодзьдзя?

последние новости